АБАГАЧЭ́ННЕ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,
сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пач. перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца мех. раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напр., сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хім. і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95% карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1% Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асн. метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і эл. сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напр., жал. руду). Эл. метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць эл. зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металург. і хім. працэсаў.
М.Я.Зусь.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)